Пяць гадоў жыцця

Дваццаты год змяніў мяне. Я знайшоў нешта важнае ў жыцці — боль. Боль за сваю радзіму, якая для мяне зачынена, боль за блізкіх і землякоў, якія былі вымушаныя з’ехаць у эміграцыю і пачаць жыццё нанова, боль за тых, хто застаўся ў Беларусі і баіцца сказаць хоць слова супраць улады.

Дваццаць другі год змяніў мяне яшчэ больш. Я выкінуў са свайго жыцця людажэраў, якія апраўдваюць катаванні, забойствы і вайну.

Я стаў іншым чалавекам: я пішу пра тое, што бачу, я пішу пра тое, пра што мару, я пішу на мове, якую хачу захаваць і якую лічу роднай. Я апісваю падзеі ў свеце, аналізую гістарыю і веру ў тое, што кожны з нас здольны змяніць будучыню, калі пачне дзейнічаць. Я не баюся сваіх слоў — няхай баяцца тыя, супраць каго яны накіраваныя.

Калі ў дваццаць пятым годзе пачалі масава вызваляць палітвязняў, я зноў адчуў наш беларускі боль. Боль за людзей, якія амаль без віны прайшлі праз пекла, і злосць на катаў і ўладу, што ператварылі вязняў у прадмет гандлю ў цэнтры Еўропы ў дваццаць першым стагоддзі. Ганьба!

За гэтыя пяць гадоў я адчуў, як некаторыя людзі адвярнуліся ад мяне, бо баяцца мець у сябрах чалавека, небяспечнага падчас перасячэння мяжы з Беларуссю, дзе правяраюць тэлефоны, паведамленні і сацыяльныя сеткі. Але ў той жа момант у мяне з’явіліся новыя сябры, якія раздзяляюць мае погляды. І мы ідзем разам далей па жыцці.

Наша возьме!


Комментарии

Самае цікавае за апошні год