Зорка ўзышла
Прыкладна тры–тры з паловай гады таму, калі я актыўна пачаў пісаць вершы і праца над першай, і пакуль адзінай, кнігай ішла поўным ходам, мая жонка спытала мяне, навошта я гэтым заняўся. І тады я ў жарт адказаў, што хачу, каб Мікіта Мелказёраў узяў у мяне інтэрв’ю.
Час ішоў. Вершы з дапамогай штучнага інтэлекту абрасталі музыкай і ажывалі. Гісторыі, народжаныя ў маёй галаве, ператварыліся ў кнігу і некалькі тэматычных альбомаў. Я пачаў шукаць магчымасць выйсці на Мікіту, каб падарыць яму асобнік, але напрыканцы лістапада, падчас паездкі ў Варшаву, так і не здолеў перадаць яго.
Па дарозе дамоў, у перапісцы з сяброўкай, я пажартаваў, што Мікіта атрымае свой асобнік, калі сам прыедзе ў Нідэрланды, каб узяць у мяне інтэрв’ю – калі я стану знакамітым пісьменнікам.
На жаль, у гэтым свеце гэта ўжо не адбудзецца. А гэта значыць, што ў мяне будзе дастаткова часу, каб стаць знакамітым і як след падрыхтавацца да нашага інтэрв’ю.
Мікіта, ты быў нашай зоркай, якой усе ганарыліся і якая паказвала, якімі павінны быць сапраўдныя беларусы. Свяці нам цяпер на небе і паказвай шлях дадому.

Комментарии
Отправить комментарий