Сінія пальцы тонуць у крыві
Хваробы і смерці правіцеляў, палацавыя перавароты, выбары прыводзяць на трон новага гаспадара. Народ у чаканні перамен радуецца ў надзеі на паляпшэнне жыцця: «Ave, Caesar!»
Натуральны пераход улады стрымлівае першабытныя інстынкты натоўпу. І гэты кантракт дзейнічае, пакуль правіцель не пачынае чапляцца за ўладу сінімі пальцамі. І тады пачынаецца хвалепадобны працэс адрыньвання пухліны, якая парушае звыклы ход жыцця.
Першая хваля — свядомыя, разумныя людзі пачынаюць разгойдваць трон, каб паслабіць хватку закасцянелых пальцаў, з якіх ужо пачынае выступаць кроў. І калі гэта не мае аніякага эфекту, заўсёды прыходзіць другая хваля, падобная да дзевятага вала: выходзяць простыя людзі і ўсім сваім выглядам паказваюць і папярэджваюць пра буру, якая ўжо бачна на гарызонце.
Дальнабачныя правіцелі, якія разумеюць, што можа здарыцца, сыходзяць самі. Але калі для іх улада ёсць існаванне, нечаканым навалам прыходзіць цунамі — галоднае, жорсткае, няспыннае. І далей кроў льецца доўга, пакуль не змые ўсё, звязанае з ачумелым ад улады правіцелем.
І мы ўжо бачылі прыклады гэтага ў гісторыі: гільяціны Французскай рэвалюцыі, масавыя расстрэлы і дыктатура пралетарыяту Кастрычніцкай рэвалюцыі. І не дай Бог, калі ўлада вытрымае і гэта, бо далей будзе такая вайна, якой яшчэ не ведала гісторыя чалавецтва…

Комментарии
Отправить комментарий