Адмова без адказу
"Паважанае выдавецтва, прашу вас разгледзець мой зборнік апавяданняў для друку", — напісаў я і націснуў кнопку Адправіць.
Мінула два тыдні…
"Паважанае выдавецтва, ці мелі вы час азнаёміцца з маім зборнікам, які я даслаў вам па электроннай пошце?"
Мінуў яшчэ адзін тыдзень, і доўгачаканы адказ з’явіўся ў маім інбоксе.
"А вы, уласна, з чаго вырашылі, што мы вас надрукуем? Вам спачатку трэба паўдзельнічаць у конкурсах, перш чым звяртацца да нас са сваімі апавяданнямі".
…
"Ах, які пах", — прамільгнула ў маёй галаве, калі я забіраў тэставы асобнік, самастойна надрукаванага, зборніка апавяданняў.
Я вырашыў разаслаць прыклады таго, як можа выглядаць кніга, у розныя выдавецтвы. "Магчыма, калі яны ўбачаць яе наўпрост, гэта зацікавіць іх больш, чым звычайны файл на e-mail", — падумаў я тады.
Чатыры тоўстыя канверты былі акуратна падпісаныя. Унутры, разам з кнігай, ляжаў ліст са зваротам да выдавецтва пра магчымую супрацу і друк маёй кнігі на розных умовах фінансавання. У той жа дзень канверты былі адпраўленыя…
Мінуў месяц, другі, трэці… Нічога не адбылося — ні званка, ні ліста, ні адказу на электронную пошту.
…
— Вітаю, мяне вас параіў наш агульны знаёмы. Ён сказаў, што вы працуеце ў выдавецтве.
— Дзень добры. Так, працую. А што за пытанне?
— Я некаторы час таму дасылаў у ваша выдавецтва зборнік апавяданняў па электроннай пошце. Мне, скажам так, «мякка» адмовілі, але ў мяне склалася ўражанне, што яго нават не чыталі. Потым я даслаў зборнік у папяровым варыянце — і на гэты раз не атрымаў увогуле ніякага адказу. Мне вельмі цікава, што ў ім было не так, каб у будучыні пачаць пісаць лепей.
— Як, вы кажаце, называлася ваша праца? Штосьці я не памятаю, каб мы камусьці адмаўлялі.
— «Слёзы нябёс».
Праз некаторы час…
— Я запытаўся ў калег — ніхто нічога не ведае пра такі зборнік апавяданняў. Дашліце яго мне сюды, я пагляджу.
— Супер. Вялікі дзякуй. Вось PDF-файл.
Мінуў тыдзень, месяц, год — адказ так і не быў атрыманы. Магчыма, ён згубіўся дзесьці там, дзе і вера ў тое, што "беларус беларусу — беларус".

Комментарии
Отправить комментарий